18 лютага жодзінцы пабывалі ў Росіцы Вiцебскай вобласцi, каб пакла-ніцца мучанікам Юрыю Кашыры і Антонію Ляшчэвічу – ксяндзам, якія загінулі разам з вернікамі ў далёкім 1943 годзе. Пагартаць старонкі пакутлівай гісторыі, пакланіцца ахвярам і атрымаць падтрымку ў малітве ад благаславёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча прыязджаюць у гэтую невялікую вёску сотні, тысячы пілігрымаў і турыстаў з розных куткоў Беларусі.

Як нараджаецца святасць? Дзе яе вытокі і якім чынам яе заслугоўваюць людзі? Як становяцца святымі і калі? – на гэтыя пытанні жодзінцы ў які раз атрымліваюць адказ менавіта ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, што ў Росіцы. Тут, у касцёле, амаль 70 год таму адбылася трагедыя, пра якую і сёння нельга забыць.

Вось што здарылася ў Росіцы 18 лютага 1943 года.

…У пачатку лютага пачалася карная аперацыя пад назвай “Зімовае чараўніцтва”. Акрамя нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ёй удзельнічалі і нацыянальнымя паліцэйскія фарміраванні здраднікаў з Латвіі, Літвы і Украіны. Зацягнулася неба чорным дымам ад спаленых вёсак. Не шкадавалі ні старых, ні малых – людзей катавалі і расстрэльвалі, палілі ў агні і тапілі ў ледзяной вадзе рэк і азёраў.

Адной з першых ахвяр карнай аперацыі стала Росіца.

…16 лютага 1943 года, аўторак. “Раніцай пачалі біць званы. Немцы заганялі ў росіцкі касцёл першыя групы людзей: матак з немаўлятамі, дзяцей, маладых і старых. У касцёле – плач, крыкі, роспач…” – з успамінаў сястры-эўхарысткі Ядзвігі Віршуты.

Салдаты хапалі ўсіх, хто толькі не паспеў уцячы, і зганялі ў муры росіцкага касцёла. Прыбывалі ўсё новыя і новыя групы жыхароў з навакольных вёсак. Сярод натоўпу былі сёстры-эўхарысткі і айцы марыяне Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч.

Пяць вельмі халодных лютаўскіх дзён і начэй запар слухаў храм стогны і плач сваіх і чужых прыхаджан. Крыкі і роспач панавалі ў касцёле, людзі дрыжэлі ад холоду і страху. Ксяндзы занялі месца пры алтары і звярнуліся да людзей. Суцяшэннем сталі словы іх гарачых малітваў і заклік да споведзі, якую яны пачалі з кожным, хто жадаў ачысціць душу перад цяжкім выпрабаваннем лёсу. З’явіліся жадаючыя прыняць хрост. У касцёле, дзе чакалі смерці, паволі запанаваў спакойны настрой, які мог толькі захапляць і здзіўляць.

Урэшце рэшт, нямецкі афіцэр дазволіў сёстрам і святарам свабодна пакідаць і ўваходзіць у касцёл. Гэтую магчымасць яны выкарысталі, каб без перапынку выпякаць хлеб, здабываць іншую ежу і карміць тых, хто застаўся ў касцёле, падтрымліваючы іх жыццёвыя сілы. Карнікі казалі людзям, што іх павязуць на працу ў Германію, але надзея на гэта была слабая, бо вакол Росіцы дзень і ноч палалі пажары, у якіх гінулі вяскоўцы.

На самой справе, з храма было толькі дзве дарогі – у фашысцкія лагеры, ці ў агонь.

Карнікі далі магчымасць сёстрам і ксяндзам бесперашкодна выехаць з Росіцы і выратаваць сваё жыццё. Па загаду ксяндзоў сёстры-эўхарысткі пакінулі мястэчка. Але айцы Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч у сваім святарскім сумленні вырашылі, што святы абавязак іх паклікання – заставацца там, дзе пакутуе іх паства, каб быць дапамогай у апошнія хвіліны жыцця. “Будзьце мужныя. Маліцеся”, – кажа Антоній Ляшчэвіч на развітанне з сёстрамі. Праз нейкі час ад касцёла ад’ехала шмат фурманак – карнікі звозілі людзей на спаленне ў калгасную канюшню. На адной з іх быў ксёндз Антоній Ляшчэвіч…

Праз дзень іншая група, прызначаная на пакутлівую смерць, выходзіла з касцёла – яе ўзначаліў з крыжам у руках ксёндз Юрый Кашыра. Яго апошнія словы: “Дзе мае браты будуць паміраць, там і я…”

Большасць паланёных у Росіцы людзей былі жывымі спалены фашыстамі ў калгасных стайнях і хацінах. Тады загінула каля 1530 чалавек. Са сваімі прыхаджанамі згарэлі і святары. Апошнім гукам у абезлюднелай і вынішчанай Росіцы быў рып павозак, на якіх адвозілі ў нямецкую няволю скамянелых ад перажытага, але ацалелых людзей. Іх чакаў канцэнтрацыйны лагер “Саласпілс” пад Рыгай. Мало хто з нявольнікаў вытрымаў доўгі час пакуты лагера – большая частка іх ужо ніколі не вярнулася да роднай Росіцы…

Пасля жудасных падзей 1943 года росіцкі касцёл стаў уяўляць для Беларусі нацыянальную гістарычную і духоўную каштоўнасць.

Сучаснасць

 

У пасляваенныя гады росіцкая парафія не мела магчымасці ўзнавіцца. У будынку касцёла ставіліся спектаклі, потым храм перетварылі ў склад. З-за адсутнасці хоць якого-небудзь бягучага рамонту згніў дах і часткова абваліліся скляпенні.

Але перамагла справядлівасць… Дзякуючы неадступнасці вернікаў касцёл з 1988 года паціху пачаў “паўставаць з мёртвых”. Ксёндз Антоній Лось пачаў рамонт святыні, якая набыла тытул Найсвяцейшай Тройцы. Намаганнямі ацалелых росіцкіх пакутнікаў, іх дзяцей і ўнукаў, цяперашніх вернікаў касцёла будынак набыў дах, лаўкі і простыя алтары. У 1999 годзе мастак Валяр’ян Янушкевіч стварыў у галоўным алтары абраз мучанікаў Юрыя і Антонія. Сучасны выгляд касцёл набыў у 2000 годзе.

З 2002 года тут працуе ксёндз Пётр Сарока. Намаганнямі вернікаў і святара касцёла марыяніна Чэслава Курэчкі, які працуе ў Росіцы з 2007 года, пачата справа ўладкавання прылеглай да касцёла тэрыторыі. Нібыта насуперак цяжкаму лёсу, нагатаванаму гэтай шматпакутнай святыні, росіцкі касцёл з года ў год робіцца ўсё больш утульным і квітнеючым.

…Мы вярталіся з Росіцы маўклівымі і нават, мабыць, больш сурьёзнымі. Я ўглядалася ў твары людзей, з якімі пабывала ў пілігрымцы, і разумела: яны, як і я, думаюць пра тых, хто загінуў у вогнішчы Росіцы. Яны, як і я, чуюць плач дзяцей і мальбу дарослых… Яны, як і я, пацалаваўшы крыж на месцы трагедыі, ніколі не забудуць благаславёных Юрыя і Антонія, якія не пакінулі людзей, каб застацца людзьмі. Не спалохаліся смерці, каб не памерці на вякі. У 1999 годзе Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч далічаны да ліку мучанікаў Другой Сусветнай вайны.

Малітва праз заступніцтва

бл. Юрыя Кашыры і бл. Антонія Ляшчэвіча

 

Усемагутны вечны Божа,

Ты адарыў ласкаю

пакутніцкай смерці

благаславёных Юрыя і Антонія,

Якія нават у хвіліну пагрозы

для іх жыцця

Далі сведчанне духу любові,

адданай пастырскай службы

і прынялі смерць разам з братамі.

Спашлі нам праз іх заступніцтва

ласку мужнасці,

каб нашае штодзённае служэнне бліжнім

сталася ўдзелам у жыцці Касцёла

і давяло нас да вечнай радасці святых.

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Лілія АЛЯХНОВІЧ

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here