XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў адкрыўся ў Мінску. Яго тэма — «Мы ствараем касмічную будучыню». У кангрэсе прымаюць удзел больш за 80 касманаўтаў з 17 краін — Расіі, ЗША, Кітая, Казахстана, еўрапейскіх дзяржаў, а таксама вучоныя, прадстаўнікі беларускіх ВНУ, прадпрыемстваў. У выставачным павільёне НВЦ «Белэкспа» разгарнулася экспазіцыя на тэму асваення космасу, у час якой удзельнікі цырымоніі адкрыцця кангрэса могуць азнаёміцца ​​з гісторыяй Беларусі, яе поспехамі ў галіне касмічных даследаванняў. Касманаўтам прадэманструюць беларускія тэхналогіі стварэння аптычнай апаратуры высокага распазнавання, касмічных люстэркаў з асаблівай гладкасцю, апаратуры для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, пакажуць вынікі рэалізацыі серыі касмічных праграм Саюзнай дзяржавы.

На кангрэсе будуць абмяркоўвацца развіццё касмічных даследаванняў у свеце, роля Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у развіцці пілатуемай касманаўтыкі, уклад Беларусі ў асваенне касмічнай прасторы. Форум прадоўжыцца да 15 верасня.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнародного кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

Лукашэнка адзначае ўпэўненае развіццё касмічнай галіны ў Беларусі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

«Касмічная галіна нашай краіны ўпэўнена развіваецца. Мы паспяхова выпускаем аптычныя сістэмы высокага распазнавання для спадарожнікаў, касмічныя люстэркі, апаратуру для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сумесна з расійскімі калегамі беларускія спецыялісты распрацоўваюць перспектыўныя тэхналогіі, прымаюць удзел у праекце стварэння новага касмічнага апарата. Плануюць супрацоўніцтва па міжнароднай праграме «Сірыус».

«Беларусь з’яўляецца паўнапраўным актыўным удзельнікам Камітэта ААН па выкарыстанні незямной прасторы ў мірных мэтах. Калі б не было іх, нашых касманаўтаў, наўрад ці б у Беларусі ўзяліся за гэту тэму. Але нам ужо было сорамна пасля распаду Савецкага Саюза не прадоўжыць касмічную тэму ў Беларусі, наколькі гэта магчыма. І сёння мы не шкадуем. Шмат было супраціўленняў, размоў, гэта была новая тэма для Беларусі. Але тым не менш мною былі прыняты рашэнні, перш за ўсё таму, што гэта самыя новыя тэхналогіі, якія пацягнулі за сабой цэлы сектар эканомікі. Гэта садзейнічае пад’ёму Беларусі на больш высокі ўзровень, і гэта садзейнічала таму, што Беларусь стала ў шэраг высокаразвітых, цывілізаваных дзяржаў. Атамная энергетыка, касманаўтыка — гэта новыя напрамкі развіцця Беларусі ў перыяд ужо яе незалежнасці і суверэнітэту», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка з удзельнікамі кангрэса — касманаўтамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам.

На яго думку, у краіне не памыліліся, вырашыўшы займацца развіццём гэтай галіны, паколькі сёння ва ўсім свеце аб’ядноўваюць намаганні ў асваенні космасу.

«І гэта з’яўляецца рухаючай сілай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сумесная праца вучоных, інжынераў, тэхнікаў, безумоўна, садзейнічае развіццю і іншых галін, росту нацыянальных эканомік», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чалавек стагоддзямі імкнуўся да зорак, а пераадолеў зямное прыцяжэнне 57 гадоў таму. Па мерках развіцця цывілізацый — зусім нядаўна. «Але поспехі, якіх дабіліся спецыялісты гэтай галіны, уражваюць, — дадаў Прэзідэнт. — Сёння ў свеце налічваецца амаль 90 касмічных дзяржаў, сярод якіх і наша Беларусь. 565 чалавек прынялі ўдзел у палётах. Больш за тысячу спадарожнікаў верцяцца вакол нашай планеты. Мы ганарымся, што ў гісторыю касмічнай эры ўпісаны імёны і беларускіх вучоных і касманаўтаў».

Ветэраны арбітальных палётаў Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, удзельнік апошніх экспедыцый на Міжнароднай касмічнай станцыі Алег Навіцкі родам з Беларусі. Беларускія карані і ў касманаўта Алега Арцем’ева, які цяпер знаходзіцца на арбітальнай станцыі.

Выступае Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што асабіста вельмі чакаў гэтага мерапрыемства. У Беларусі да яго рыхтаваліся вельмі сур’ёзна. «Накіроўваючыся да вас на гэты вялікі сход, я падумаў, што яшчэ, напэўна, ніколі не толькі ў гэтай зале, але і ў Мінску не было столькі герояў. Дазвольце мне ад імя беларускага народа вітаць на гэтым кангрэсе вас, людзей гераічных, якія здзейснілі подзвігі ў жыцці, вучоных, якія забяспечвалі гэтыя палёты і займаліся развіццём касмічнай навукі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мне вельмі хацелася б, каб з Мінска, шматпакутнага горада-героя, які бачыў усё ў сваім жыцці і якому амаль тысячу гадоў, вы паехалі з добрым настроем. І каб гэты кангрэс, наш горад надалі дадатковы імпульс вашым асабістым задумам, тым арганізацыям, у якіх вы працуеце», — пажадаў беларускі лідар.

Лукашэнка: беларускія касманаўты — увасабленне народа

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што замежныя госці, якія прыехалі ў Беларусь на міжнародны кангрэс, могуць даведацца пра краіну і яе народ, проста сустрэўшыся з яе вядомымі касманаўтамі. «І вы зразумееце ўсю палітру і глыбіню душы беларускага народа. Гэта яны ўзор, калі хочаце, увасабленне нашага народа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Алег Навіцкі.

Беларускія касманаўты, ветэраны арбітальных палётаў Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі ў час адкрыцця форуму занялі месца ў прэзідыуме. Прэзідэнт падкрэсліў, што яны адданыя сваёй радзіме.

Лукашэнка назваў МКС узорам выбудоўвання партнёрскіх і дзелавых адносін паміж краінамі

«Яркі прыклад эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы асваення космасу — гэта Міжнародная касмічная станцыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта арбітальная лабараторыя — узор таго, як у сучасным свеце можна і трэба выбудоўваць партнёрскія і дзелавыя адносіны паміж дзяржавамі і народамі, якія насяляюць планету».

«Калі хочаце, гэта яркі прыклад з космасу нам, зямлянам, як трэба жыць у гэтым цесным свеце, які хутка развіваецца, у згодзе на карысць усіх народаў. На жаль, мы часта гэтым прыкладам не карыстаемся. У нас на Зямлі нярэдка адбываецца ўсё наадварот», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Запуск першага модуля МКС адбыўся 20 гадоў таму. Ужо тады ў распрацоўцы і зборцы станцыі ўдзельнічалі 15 краін, цяпер яе магчымасці выкарыстоўваюць у сваіх мэтах 100 дзяржаў. На яе борце паспяхова і плённа працуюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Такім жа высакародным мэтам служыць міжнародны альянс аператараў штучных спадарожнікаў Зямлі «ПанГеа». На сувязі з ім знаходзіцца і беларускі апарат «Белінтэрсат-1», — дадаў беларускі лідар.

Беларусь гатова да дыялогу і актыўнага ўдзелу ў мірных праектах па даследаванні космасу — Лукашэнка

«Упэўнены, што менавіта разам, у цесным супрацоўніцтве, мы наблізімся да новых значных вех асваення Сусвету. Толькі ў інтарэсах усяго свету, давяраючы адзін аднаму, мы павінны будаваць нашу касмічную будучыню. Беларусь гатова да дыялогу і актыўнага ўдзелу ў мірных праграмах і праектах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пётр Клімук.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць накіравання ўсіх дасягненняў і набытых у касмічнай галіне ведаў на карысць людзей: на вырашэнне праблем экалогіі, папярэджанне надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, на забеспячэнне харчовай бяспекі і рацыянальнага землекарыстання, на захаванне прыродных рэсурсаў і біялагічнай разнастайнасці, на вывучэнне незямной прасторы выключна ў мірных мэтах.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што трэба вырашыць шмат задач далейшага асваення космасу. На парадку дня — новыя палёты чалавека на Месяц, пілатаванне караблёў на Марс, пошук і даследаванне іншых прыдатных для жыцця планет.

«Каму як не вам, удзельнікам касмічных экспедыцый, ведаць, што толькі з лініі арбіты можна ўбачыць, якая маленькая наша планета ў маштабах Сусвету. Толькі зірнуўшы ў ілюмінатар, можна ўсвядоміць, што яна наш агульны дом, клопат аб якім — на плячах усёй сучаснай цывілізацыі, кожнага чалавека. Там, на вышыні соцень кіламетраў, асабліва зразумела, што мы ўсе дзеці Зямлі, адна сям’я, і мы ўсе ў адказе за будучыню гэтага лапіка Сусвету», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Экіпаж МКС вітаў удзельнікаў і гасцей міжнароднага касмічнага кангрэса

Экіпаж Міжнароднай касмічнай станцыі з арбіты Зямлі вітаў удзельнікаў і гасцей 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Відэазапіс звароту быў паказаны на адкрыцці кангрэса ў Мінску.

«Дзіця, якое накіравала свой погляд у космас, з’яўляецца сімвалам кангрэса, і слоган «Мы ствараем касмічную будучыню» глыбока сімвалічныя і адлюстроўваюць асноўныя мэты прафесійнай супольнасці касмічных лётчыкаў — стымуляваць цікавасць маладога пакалення да адукацыі ў галіне касманаўтыкі, тэхнікі, інжынерыі, фізікі, матэматыкі, натхняць моладзь на пастаяннае самаўдасканаленне, у тым ліку і ў мэтах асваення космасу», — гаворыцца ў звароце.

У час работы кангрэса.

Экіпаж МКС асабліва вітаў імкненне прыцягнуць маладых людзей да вялікага шляху асваення космасу і яго даследавання, каб стварыць наступнае пакаленне вучоных, інжынераў, настаўнікаў і, вядома, будучых удзельнікаў касмічных палётаў.

«Мы ўпэўнены, што кангрэс будзе карысным і дасць магчымасць удзельнікам касмічных палётаў падзяліцца ведамі і вопытам з шырокай грамадскасцю, паслужыць стымулам для развіцця беларускай касманаўтыкі», — адзначаецца ў відэазвароце.

Член экіпажа — бортінжынер Алег Арцем’еў асабліва падкрэсліў свае сваяцкія сувязі з Беларуссю. «Мой тата нарадзіўся ў пасёлку Друя Віцебскай вобласці і цяпер разам з маёй маці пражываюць у горадзе Віцебску. Жонка мая таксама нарадзілася ў Беларусі ў горадзе Баранавічы. Вас нідзе так не прымуць, як у Беларусі. Дабрэйшага народа і краіны на свеце няма», — сказаў ён.

Зварот з борта МКС да ўдзельнікаў кангрэса прагучаў адразу на трох мовах — англійскай, рускай і беларускай.

Кангрэс у Мінску стане важным этапам у развіцці міжнароднага касмічнага супрацоўніцтва — Гусакоў

Аб гэтым старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў заявіў на цырымоніі адкрыцця кангрэса.

Пётр Клімук, Боні Данбар, Алег Навіцкі, Уладзімір Кавалёнак (злева направа).

«Сёння на цырымоніі адкрыцця прысутнічаюць легендарныя касманаўты і астранаўты з розных краін свету, высокія замежныя госці, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, нацыянальных касмічных агенцтваў, беларускія вучоныя, інжынеры і студэнты. Выказваем надзею, што 31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў стане важным этапам у развіцці навуковага і інавацыйнага супрацоўніцтва паміж краінамі і забяспечыць фарміраванне новых узаемавыгадных праграм і праектаў у касмічнай сферы», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Беларусь разлічвае прыняць удзел у праектах па асваенні Месяца

Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык у час XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

«Думаю, сёння будуць стварацца вельмі цікавыя задзелы па супрацоўніцтве. Чакаем запрашэння да ўдзелу ў шэрагу праектаў. Ёсць шмат задумак, якія могуць быць рэалізаваны. Будзем супрацоўнічаць з Інстытутам медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук. Ужо гучала ідэя нашага ўдзелу ў праектах па асваенні Месяца. Думаю, беларусам знойдзецца ў іх месца, у нас ёсць вопыт, ёсць людзі. І я не выключаю, і нават хацелася б, каб мы ад навукі таксама пачыналі рыхтаваць свайго касманаўта для правядзення эксперыментаў на арбіце. Такая размова таксама была», — сказаў Сяргей Чыжык.

Прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў камсічных палётаў, астранаўт ЗША Боні Данбар.

Ён падкрэсліў, што на міжнародны кангрэс у Беларусь прыехалі вядомыя людзі з розных краін: касманаўты, астранаўты, тайканаўты. «Яны ўбачаць нашу краіну, мы зможам сустрэцца з імі. Гэта наш задзел на будучыню для ўваходжання ў касмічную эліту. Мы ўжо касмічная краіна, але гэта яшчэ адзін крок для выхаду на больш высокі ўзровень», — перакананы першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

«Космас — складаная, высокатэхналагічная сфера, якая цягне за сабой у развіцці і іншыя раздзелы навукі: фізіку, оптыку, новыя матэрыялы. Важны і біятэхналогіі: клеткі ва ўмовах космасу, умовах бязважкасці развіваюцца зусім па-іншаму. Гэта той фактар, які можа стымуляваць клетачныя працэсы і ўплываць на мікраарганізмы. А геаінфармацыйныя сістэмы забяспечваюць нас данымі аб нашай Зямлі — аб змяненнях клімату, канфігурацыі тэрыторыі. Гэта інфармацыя запатрабавана, яе выкарыстоўваюць такія ведамствы, як Мінсельгасхарч, Мінбудархітэктуры, кадастравая служба», — адзначыў Сяргей Чыжык.

Меркаванні

Пётр Клімук, лётчык-касманаўт СССР:

«Я і мае калегі, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі, ганарымся, што нарадзіліся і выраслі на беларускай зямлі, ганарымся сваёй прыналежнасцю да беларускага народа і вельмі рады, што чарговая сустрэча касманаўтаў і астранаўтаў праходзіць менавіта на нашай радзіме. Кангрэс дазволіць удзельнікам касмічных палётаў не толькі сустрэцца, абмеркаваць дзейнасць асацыяцыі, намеціць задачы на ​​перспектыву, але і далучыцца да гісторыі і культуры нашай краіны. Знаходжанне ў Мінску дасць магчымасць удзельнікам кангрэса больш даведацца пра Беларусь і беларусаў. А размова касманаўтаў з беларускай моладдзю — студэнтамі і школьнікамі — будзе нацэлена на стымуляванне іх цікавасці да адукацыі, пастаяннага самаўдасканалення, у тым ліку з мэтай асваення космасу».

«Беларусь — краіна перадавая. Касманаўты, якія прыехалі сюды, ахаюць і дзівяцца. Здаецца ж невялікая краіна, усяго з 10-мільённым насельніцтвам, а такая чысціня, так усё прыемна тут, і так сустракаюць добра».

Алег Навіцкі, лётчык-касманаўт:

«Асабліва хачу адзначыць той факт, што кангрэс праходзіць у Мінску, бо не кожная краіна ўдастойвалася гонару прымаць такое маштабнае мерапрыемства. Думаю, гэта нармальны дыялог роўных партнёраў. Гэта добра. Свет людзей, якія выконваюць палёты ў космас, не вельмі вялікі для нашай планеты. Таму кангрэс у першую чаргу дае магчымасць пагутарыць з калегамі, паважанымі ветэранамі».

Міхаіл Карніенка, лётчык-касманаўт Расіі:

«Я ведаў, што кангрэс будзе ў Беларусі, у брацкай рэспубліцы, і з задавальненнем на яго прыехаў. Быў упэўнены, што ўсё будзе арганізавана на належным узроўні, але не чакаў, што планка будзе настолькі высокай. Арганізацыя  на пяць з плюсам».

Боні Данбар, астранаўт ЗША, прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў:

«Мы хочам выказаць удзячнасць за ўсё, што адбываецца тут, у Беларусі. Мы рады магчымасці абмяняцца вопытам і ведамі паміж прафесіяналамі ў гэтай сферы. Мы назапашваем вопыт і абменьваемся ім. Нашы члены пастаянна, нават пасля адыходу на пенсію, у адстаўку.

Ян Лівэй, першы касманаўт Кітая, генеральны дырэктар Кітайскага пілатуемага касмічнага агенцтва:

«Лічу, што асваенне космасу — гэта агульная мэта чалавецтва. Адны дзяржавы дасягнулі большага ў асваенні космасу, іншыя толькі пачынаюць свой шлях, але пры гэтым усе краіны супрацоўнічаюць паміж сабой у гэтай галіне. Развівацца ў такім напрамку і пазнаваць нябачаны да гэтага часу свет космасу — наша агульная задача. І мы ўжо далёка рушылі наперад у гэтай справе».

Сяргей Крыкалёў, савецкі і расійскі касманаўт:

«Адна з мэт такіх кангрэсаў — папулярызацыя, прыцягненне моладзі ў касмічную сферу. Касманаўт — вельмі цікавая прафесія. Яе асаблівасць у тым, што даводзіцца займацца самай разнастайнай дзейнасцю — гэта і навуковыя эксперыменты, і работа з тэхнікай, людзьмі, падтрыманне працаздольнасці станцыі, планаванне. Сам працэс падрыхтоўкі вельмі цікавы, таму што бываеш у розных навуковых, вытворчых калектывах, каб падрыхтавацца да добрага выканання работ. У космасе незвычайныя ўмовы, якія патрабуюць шмат чаго ад чалавека. Прыемна шмат што ўмець, калі ўдаецца зрабіць сваю работу добра. Акрамя таго, наша прафесія дае магчымасць паглядзець на Зямлю збоку, а гэта ўдаецца нямногім».

Сяргей Залатой, дырэктар НІРУП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН, галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі:

«Тое, што ў Мінску сабралася касмічная эліта з усяго свету, для нас вялікая ўдача. Гэта вельмі прэстыжна і будзе садзейнічаць умацаванню  міжнароднага іміджу рэспублікі ў гэтай сферы».

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here