У гарадской выставачнай зале адбылася творчая сустрэча, прымеркаваная да  60-годдзя знакамітага жодзінца, мастака, выдаўца, пісьменніка, перакладчыка Уладзіміра Сіўчыкава.

Уладзімір Сіўчыкаў нарадзіўся ў Жодзіне. Вучыўся ў СШ № 5, затым – у мастацкім вучылішчы імя А.Глебава. Выкладаў маляванне і чарчэнне, працаваў мастаком-афарміцелем. Скончыў БДУ, філалагічны факультэт. Працаваў у часопісе “Бярозка”, з 1994 года – выдавецтве “Радыёла-плюс”. Удзельнік мастацкіх выстаў, пленэраў. З 1982 года выступае ў друку як паэт, празаік, перакладчык і драматург. Як крытык і публіцыст вядомы рэцэнзіямі, мастацтвазнаўчымі эсэ, падарожнымі нататкамі.

Уладзімір Сіўчыкаў рэгулярна наведвае родны горад, сустракаецца з землякамі і, самае галоўнае, піша аб іх. А яшчэ сур’ёзна займаецца краязнаўчай працай. Ён не раз удзельнічаў у навукова-практычных канферэнцыях, якія праходзілі ў Жодзіне, і нават выдаў “Аўтабіяграфію” заснавальніка горада Багуслава Радзівіла.

На сустрэчы гаворка ішла пра юбілейныя даты, у тым ліку пра 400-годдзе з дня нараджэння князя Багуслава Ра-дзівіла. Пра сумесную працу з юбілярам расказала краязнаўца Галіна Аніскевіч.

Ўладзіміра Сіўчыкава павіншаваў мастак і сябар Аляксей Марачкін, яго настаўнік – Уладзімір Макараў, дырэктар краязнаўчага музея Алёна Нацяжка, бібліятэкар Любоў Мурашка і іншыя. З музыкальным віншаваннем выступілі вучні і настаўнікі СШ № 5, дзе вучыўся мастак.

Дзесяць год таму быў выданы альбом “Жодзінцы”, дзе змешчана некалькі  твораў Уладзіміра Сіўчыкава. Вельмі спадзяемся ўбачыць аналагічны альбом з мастацкімі працамі жодзінцаў. Тым больш, што год юбілейны не толькі для горада, але і для шэрагу нашых творцаў. 

Пасля заканчэння сустрэчы ўсе жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф аўтара, прыняць удзел ў прэзентацыі найцікавейшых кніг.

Падрыхтавала Лілія АЛЯХНОВІЧ

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here