Суботні дзень 13 мая стаў асаблівым для католікаў Жодзіна. У парафіі Маці Божай Фацімскай адкрыўся другі дзень кангрэсу, прысвечанага 100-годдзю аб’яўленняў у Фаціме. Сёння можна сказаць, што свята, да якога так рыхтаваліся вернікі, будзе запісана ў гісторыю касцёла як самае значнае, запамінальнае і радаснае.

Хлебам і соллю з самага ранку вернікі сустракалі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які адразу накіраваўся на галоўнае жодзінскае прадпрыемства – Беларускі аўтамабільны завод. Іерарх сустрэўся з кіраўніцтвам кампаніі і благаславіў вытворчасць. Не адмовіўся ён пакіраваць адным з аўтамабіляў-гігантаў.

У гэты асаблівы дзень у касцёле сабралася шмат прыхажан. Прысутнічалі прадстаўнікі ўлады горада – першы намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Конан, спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры i па справах моладзi Алена Лашук, якія сустракалі імянітага госця хлебам і кветкамі.

Тры пастушкі з ягнём выйшлі насустрач Тадэвушу Кандрусевічу і звярнуліся да госця з словамі Пісання. Далей адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт. Паводле яго слоў, фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца самым вялікім дарам, які Бог даў чалавецтву і нашаму народу ў XX стагоддзі для сучаснасці.

Іерарх нагадаў, што сутнасць фацімскіх аб’яўленняў заключаецца ў закліку да малітвы і навяртання як умовы для дасягнення міру: калі людзі не будуць маліцца і навяртацца, то чалавецтва чакаюць вялікія цяжкасці. «Малітва змяняе чалавека, а ён, змяняючыся, змяняе свет», – дадаў Мітрапаліт.

Пасля Імшы іерарх аб’явіў аб устанаўленні касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне дыяцэзіяльным санктуарыем. Нагодай для прыняцця такога рашэння стаў юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, а таксама «той факт, што парафія Маці Божай Фацімскай у горадзе Жодзіна Барысаўскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з’яўляецца асаблівым месцам, дзе збіраюцца вернікі для ўшанавання Найсвяцейшай Панны», – адзначана ў дэкрэце аб устанаўленні новага санктуарыя.

Для даведкі: санктуарыямі ўстанаўліваюцца асаблівыя месцы Божага культу. У марыйных санктуарыях ушаноўваецца асоба Дзевы Марыі, а вернікі могуць прасіць Маці Божую аб асаблівых ласках і дзякаваць ёй за атрыманыя дары.

Вельмі ўзнёсла і шчыра звяртаўся высокі госць да вернікаў. Ён павіншаваў іх, адзначыў добрыя справы, словы падзякі адрасаваў касцёльнаму хору.

Нельга не выказаць цёплыя словы і ў адрас моладзі касцёла, падрыхтаваўшай цікавы фільм з жыцця парафіі. Успаміны тых людзей, якія стаялі ў пачатку стварэння храма, перанеслі прысутных у той час, калі ўсё толькі пачыналася, калі ката-ліцкае жыццё толькі прыйшло сюды, на жодзінскую зямлю.

Пасля працэсіі вакол санктуарыя ўсе змаглі адпачыць, паесці духмянай юшкі і найсмачнейшага плову, адведаць выпечкі з чаем. А далей былі спартыўныя забавы для дзяцей і дарослых, якія захапілі нават Мітрапаліта.

Завяршыўся святочны дзень канцэртам ў гарадскім парку і прамовай Тадэвуша Кандрусевіча. Далей гурты «Рэха» і «Рыбы», вучні і настаўнікі жодзінскай школы мастацтваў доўга прываблівалі людзей на свята, якое адзначалі жодзінскія католікі з усім светам.

Святкаванне закончылася, а на душы засталіся радасць і вялікае задавальненне ад усяго, што адбылося. Адрамантаваны, дагледжаны касцёл, стаўшы ў гэты дзень санктуарыем, будзе і далей прынімаць сваіх прыхажан, даваць сілы, веру і любоў да Бога.

Хочацца падзякаваць ксяндзу-пробашчу Міхаілу Цвячкоўскаму МІС і ксяндзу Канстанціну Анашку МІС, якія шчыра нясуць у Жодзіна сваё святарскае служэнне, за арганізацыю вялікага свята не толькі для католікаў, але і для ўсіх, хто ў гэты дзень быў з намі.

Лілія АЛЯХНОВІЧ

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here