Праект Жодзінскага краязнаўчага музея пад назвай “Вандроўкі творчымі шляхамі: імя майстра і наш горад” ставіць сваёй мэтай знаёмства жодзінцаў са скульптарамі, якія маюць дачыненне да мастацкай спадчыны горада. Чарговы артыкул прысвечаны Івану Якімавічу Місько, які разам з Мікалаем Рыжанковым і Аляксандрам Заспіцкім стварыў адну са знакавых для Жодзіна скульптурных кампазіцый – манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі.

Іван Якімавіч вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў далёкім замежжы, бо героіка беларускага народу і таленавітыя землякі не адзіныя тэмы яго творчасці. Асноўнае месца ў ёй займае космас. “Касмічны скульптар”, як часам называюць Івана Місько, – аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў прадстаўнікоў мужнай і рамантычнай прафесіі з розных краін свету, таму вельмі дарэчы будзе ўзгадаць яго біяграфію менавіта ў Дзень касманаўтыкі. 

Іван Якімавіч Місько нарадзіўся 22 лютага 1932 года ў вёсцы Чэмеры на Слонімшчыне. Бацька яго працаваў лесніком, а маці была звычайнай сялянкай, але Янка вельмі рана абраў свой жыццёвы шлях і адразу пасля школы паступіў у мастацкае вучылішча ў Мінску. Але пасля першага курса яго прызвалі на службу ў войска. Пасля арміі Іван Місько працягнуў вучобу на маляўнічым аддзяленні ў Мінскім мастацкім вучылішчы, але аднойчы, за-зірнуўшы ў клас скульптараў, кардынальна змяніў свае густы і перайшоў на скульптурнае аддзяленне. У сценах вучылішча маладому мастаку пашанцавала атрымаць веды ў вядомых творцаў Ігара Глебава і Віктара Папова. Скончыўшы вучылішча ў 1957 годзе, ён неўзабаве паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе таксама атрымаў зорных настаўнікаў – Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава.

Зорнымі на той момант былі ўжо не толькі настаўнікі, але і думкі. Запуск першага штучнага касмічнага спадарожніка выклікаў захапленні і водгукі ва ўсім грамадстве. Мастакі таксама не сталі выключэннем і пачалі адлюстроўваць асваенне сусвету ў сваіх працах. Палёт першага чалавека ў космас таксама павінен быў знайсці ўвасабленне ў творчасці скульптара, але, на жаль, бюст Юрыя Гагарына ў яго выкананні з’явіўся толькі пасля смерці касманаўта ў 1968 годзе.

Палёты чалавека ў космас хвалявалі розум маладога скульптара, і на ўсё жыццё мужныя касманаўты засталіся для яго галоўнай тэмай творчасці. Мара наведаць зорны гарадок, дзе яны трэніруюцца, ажыццявілася, калі Іван Якімавіч пачаў працаваць над бюстамі беларускіх касманаўтаў Пятра Клімука і Ўладзіміра Кавалёнка. Ёсць у калекцыі майстра і скульптурны партрэт касманаўта-беларуса Алега Навіцкага.  Заваёўнікі нябеснай прасторы і майстар на ўсё жыццё засталіся добрымі сябрамі.

Космас – узор бясконцай гармоніі, на фоне якой чалавецтва проста вымушана аб’яднацца і разам рухацца ў светлую будучыню. З 1970-х нябесны гарызонт пачалі штурмаваць інтэрнацыянальныя брыгады касманаўтаў, а Іван Місько пачаў новую серыю бюстаў касманаўтаў-замежнікаў. Прадстаўнікі гэтай прафесіі ад Манголіі да Кубы, ад Аўганістана да Веліка-брытаніі знаходзілі час, каб папазіраваць вядомаму майстру.

Але ж Іван Якімавіч не абмяжоўваўся толькі тэмай космасу. Адным з галоўных помнікаў для яго стаў менавіта манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі ў Жодзіне. Заснаваны на рэальнай гісторыі сям’і Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, мемарыял быў урачыста адкрыты 20 жніўня 1975 года. Аўтарскі калектыў (Іван Місько, Мікалай Рыжанкоў, Андрэй Заспіцкі і Алег Трафімчук) атрымаў за яго Дзяржаўную прэмію СССР.

Іван Місько меў незвычайны талент перадаць не толькі асабісты характар чалавека, але і аб’яднаць у вобразе прафесійныя рысы, падкрэсліць гераічнасць постаці. Паразмаўляўшы падчас працы над бюстам першага касманаўта з Аннай Цімафееўнай Гагарынай, а пасля з Анастасіяй Фамінічнай Купрыянавай, ён вырашыў стварыць скульптурную кампазіцыю пад назвай “Маці герояў”, якая здольна крануць кожнага. У гэтай працы аўтар адлюстраваў тых жанчын, якія выхавалі вядомых на ўвесь свет асоб. Вольныя паставы, простая вопратка ды сумныя твары робяць вобразы матуль вельмі набліжанымі і зразумелымі.

Вялікую ўвагу ў сваіх працах скульптар надаваў і вядомым беларусам.  Яму належаць скульптурныя партрэты дырыжора Рыгора Шырмы, акадэмікаў Андрэя Пракапчука і Фёдара Фёдарава, пісьменнікаў Янкі Маўра і Івана Шамякіна, кампазітара Яўгена Цікоцкага, барца Аляксандра Мядзведзя, першадрукара Францыска Скарыны, першага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі і шмат іншых.

Помнікі, створаныя Іванам Якімавічам, адлюстроўваюць не толькі велічных асоб, але і гістарычныя падзеі ў жыцці беларускага народа. Манументальная скульптура “Слёзы Чарнобыля” і манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне – найлепшыя таму прыклады.

Прадуктыўная творчасць Івана Місько была неаднаразова адзначана прадстаўнікамі розных краін. С 1965 года ён сябра Беларускага саюза мастакоў, у 1977-м стаў лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР, а ў 2013 і 2014 гадах лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Іван Якімавіч атрымаў званні заслужанага дзеяча мастацтваў СССР (1989 г.), народнага мастака Беларусі (2008 г.), ён узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета  БССР (1976 г.), медалем Францыска Скарыны (2002 г.), медалем Кірыла і Мефодыя (2011 г.), а таксама медалем Федэрацыі касманаўтыкі РФ і ордэнам імя Ю.А. Гагарына (2012 г.). 

Трэба нагадаць, што 85-гадовы мастак яшчэ дагэтуль працуе і ў жодзінцаў яшчэ ёсць магчымасць наведаць музей-майстэрню скульптара ў гістарычным цэнтры Мінска і сустрэцца са знакамітым майстрам, які мае непасрэднае дачыненне да мастацкага аблічча нашага роднага горада.

Віктар АЎЧАРЭНКА, навуковы супрацоўнік ДУК «Жодзінскі краязнаўчы музей»

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here