Узлюбленыя ў Хрысце католікі Жодзіна! Дарагія хрысціяне! Шаноўныя браты і сёстры!

Са скрухай у сэрцах перажываем час Вялікага Посту і з узнёслай надзеяй рыхтуемся да святкавання найважнейшай таямніцы хрысціянства – Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Сёлета мы маем вялікую радасць адзначаць Пасху разам з нашымі братамі праваслаўнай веры і хрысціянамі іншых канфесій. Рыхтуючы свае дамы і сем’і да самай важнай Урачыстасці ў жыцці кожнага хрысціяніна, важна не згубіць самае істотнае – падрыхтоўку свайго сэрца да асабістага спаткання з Жывым Богам, Хрыстом Уваскрослым. Вельмі часта, святкуючы Ўваскрасенне Хрыста, мы выкідваем з нашага жыцця Галоўную постаць – самога Хрыста.

Сын Божы аддае за нас сваё жыццё, бо любіць нас. Любіць кожнага паасобку, не натоўпам, але асабіста. Ён памірае нават за тых, хто выкідвае Яго са сваёй штодзённасці і хто не хоча Яго ведаць. Калі наш Збаўца ўваходзіў у Ерусалім, Яго віталі натоўпы, якія праз некалькі дзён крычалі “ўкрыжуй Яго!”. У апошні тыдзень перад Пасхай варта задумацца і знайсці ў гэтым натоўпе сябе. Як часта мы абяцаем Богу вернасць, прыходзячы ў святыню і просячы Яго аб нечым, але адразу забываемся пра гэта і аддаём Хрыста на ўкрыжаванне, вяртаючыся ў нашу штодзённасць. Давайце ж задбаем пра тое, каб, рыхтуючыся да святаў, паклапаціцца пра свае адносіны з Богам і бліжнімі. Давайце паяднаемся з Хрыстом у святой Споведзі, паяднаемся з нашымі блізкімі і працягнем руку тым, з кім нас дзеляць крыўды і нянавісць. Давайце звернем увагу на тых, хто самотны, хворы, пакінуты, грэшны і слабы. Няхай у нашых сэрцах пераможа любоў і прабачэнне.

Узлюбленыя ў Хрысце католікі Жодзіна! Дарагія браты праваслаўныя і ўсе хрысціяне! Шаноўныя браты і сёстры! Хрыстос Уваскрос! Няхай гэтыя словы адновяць нашую веру, няхай дадуць надзею, якая перамагае ўсе сумнівы, няхай узмоцняць у нас любоў, якая трывае нягледзячы на нянавісць, што пануе вакол нас. Няхай Хрыстус уваскрэсне таксама і ў вашым жыцці! Няхай Ён уваскрэсне ў вашым доме, у вашай сям’і,  у вашай працы і асяроддзі!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!

Ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі, пробашч касцёла Фацімскай Божай Маці, ксёндз Канстанцін Анашка, вікарый

Святы пасхальны Трыдыум

Вялікі Чацвер

19.00 –Святая Імша Вячэры Пана.

Вялікая Пятніца

19.00 – Літургія Мукі Пана.

Вялікая Субота

Асвяціць святочную ежу ў касцёле можна а 10.00, 12.00, 14.00, 16.00, 18.00.

22.00 – Імша пасхальнай Вігіліі.

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here