Літаратурным вечарам “Багдановіч – Богам дадзены” завяршыўся цыкл мерапрыемстваў у Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча і закрыццю Года культуры. Усе дзеянні вечара адбываліся на фоне  карціны нашага мастака Мікалая Шышлова “Встреча с поэтом”, дзе васількі, томік Багдановіча ў руках юнай дзяўчыны і партрэт паэта стварылі вобраз Багдановіча як песняра роднай старонкі.

А музычны настрой вечарыне прыдаў паланэз М. Агінскага “Развітанне з Радзімай”, які вельмі падабаўся М. Багдановічу. Можа гукі гэтага паланэза, яшчэ з самага дзяцінства палюбіўшыяся яму ў выкананні маці – Марыі Апанасаўны, – вызывалі ў маленькага Максіма пачуццё хуткага растання спачатку з маці (яна памерла, калі яму было пяць гадоў), потым з Радзімай, а потым і з жыццём. Кароткім было яго жыццё – усяго 25 гадоў.

Сапраўды, толькі Богам дадзены паэт за такі кароткі жыццёвы адрэзак змог падараваць беларускай літаратуры столькі прыгожых мастацкіх вобразаў і абагаціць яе новымі паэтычнымі фарбамі. “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”, “І тчэ, забыўшыся, рука”, “Здароў, марозны, звонкі вечар”, “Краю мой родны, як выкляты Богам” і шмат іншых знаёмых і незнаёмых радкоў гучала ў выкананні як асобных чытачоў, так і цэлых калектываў. Кожны яго верш мае свой настрой, а таму можа крануць розныя струны  душы. Менавіта тонкасць чалавечых перажыванняў адлюстроўваў паэт у своёй пейзажнай лірыцы, адначасова падкрэсліваючы прыгажосць і непаўторнасць кожнага імгнення.

У фарміраванні творчай індывідуальнасці М. Багдановіча значную ролю сыграў фальклор , які ён вывучаў па розных крыніцах. Цікавіўся паэт славянскімі міфамі, легендамі і паданнямі, праз якія імкнуўся раскрыць спецыфіку духоўнай самабытнасці беларускага народа. На вечарыне быў праве-дзены творчы эксперымент: спачатку зачытана паданне пра Змяінага Цара, а потым верш М. Багдановіча “Змяіны Цар”, і можна было адчуць, як паэту з дапамогай мастацкага слова, удалося ператварыць міфічны вобраз ў паэтычны твор.

Адным з цэнтральных вобразаў творчасці Багдановіча стаў вобраз жанчыны. Сваю гераіню паэт узнімаў да лепшых вобразаў сусветнай класікі. У многіх вершах паэт выліваў свае асабістыя пачуцці, падкрэсліваючы ідэю бессмяротнасці кахання і яго вялікую стваральную сілу. Усе адценні гэтага пачуцця ярка ўвасобілі ў песні “Зорка Венера” выканаўцы хора пад кіраўніцтвам Віктара Колбуна, якія стварылі новыя пачуцці ў сэрцах слухачоў. Яшчэ парадавалі гасцей сваім тэатралізаванным прадстаўленнем верша “Вечар” прадстаўнікі ЖТЦСАН Лідзія Навумава і калектыў мастацкай самадзейнасці “Сузор’е”. Выразна прадэкламавала некалькі вершаў паэта чытач Лідзія Жыдко.

Каб больш людзей чыталі Багдановіча, можа і было б на свеце меньш болі, горычы і войн. Прыслухаемся да Багдановіча – Богам дадзенага паэта.

Ірына Хілюціч, бібліятэкар Жодзінскай ЦГБ

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here