Уборка ўраджаю на Міншчыне стартавала тыдзень назад, а сёння «Зажынкі-2016» прайшлі на полі дзяржаўнага прадпрыемства «ЖодзінаАграПлемЭліта».

Удзельнікам жніва добрага настрою, спрыяльнага надвор’я і багатага намалоту жадалі кіраўнік гаспадаркі Мікалай Неўмяржыцкі, генеральны дырэктар РУП «НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі» Мікалай Папкоў, першы намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Вячаслаў Лапатка. Настаяцель Свята-Пакроўскага храма вёскі Востраў айцец Віталій адслужыў малебен, а потым акрапіў святой вадою камбайнёраў і тэхніку.

Музычнае суправаджэнне  зажынак ажыццяўлялі фальклорны народны ансамбль барсукоўскага сельскага палаца культуры «Жывіца» і калектыў жажэлкаўскаго клуба «Родны напеў».

Дарэчы, Мінская вобласць у гэтым годзе, як і ў тым, разлічвае на ўраджай зерневых больш за два мільёны тон, а паводле папярэдніх прагнозаў працаўнікі сяльгаспрадпрыемства «ЖодзінаАграПлемЭліта» збіраюцца намалаціць 15 000 тон збожжа. Дванаццаць экіпажаў камбайнёраў будзе задзейнічана на ўборцы-2016 на працягу трох тыдняў, а агульная плошча палёў – больш за 4,5 тыс. гектараў. І сёння хочацца пажадаць аграрыям, каб жніво прайшло без страт, каб тэхніка не псавалася і каб Бог даў здароўя і вытрымкі хлебаробам у іх такой руплівай і адказнай працы!

Дзіяна ЭЛІМЕЛАХ

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here